Усё часцей пачынаю ўцякаць у краіну Іроніі – уцякаць ад розных няпрошаных гасцей, затхлага паветра і банальнасці. Прыехаў па сваіх справах мой зямляк Н., пра якога суседзі калісьці гаварылі: вельмі любіць на сенажаці закасіць за чужую мяжу, на полі – зажаць, на базары – вытаргаваць, у карчме – выпіць і накурыцца за чые-небудзь грошы, а ў папа – за гнілыя яйкі атрымаць адпушчэнне грахоў. На Цмэнтарнай сустрэўся з Насцяй Стэфановіч. У 1932 годзе яна больш за два месяцы мяне хавала ад розных лягавых. Мужа яе, шаўца, дома не засталі. А шкада. Я ўсё не трачу надзеі пры дапамозе сяброў падшукаць нейкую працу Кастусю. Сёння расказаў яму пра свае варшаўскія сустрэчы, уражанні, а ён – пра свае невясёлыя прыгоды. Галадае. Добра, што Лю паклікала на абед, і яе маці чым мела пачаставала нас. I ўсё ж, не зважаючы на нягоды, Кастусь трымаецца, як салдат на сваім пасту, хоць, можа, тыя, што яго паставілі, даўно забыліся на гэты ўчастак фронту. I ён сам гэта знае. I ўсё роўна не падае духам. Я з захапленнем гляджу на яго і ўспамінаю баладу Мікалая Ціханава пра цвікі.
6/VІІ
У рукапісны фонд Беларускага музея занёс чарговую порцыю грыпсаў – астрожных вершаў. Трэба будзе параіцца з Кастусём, што з імі рабіць. Малая ўцеха, што, выратаваныя з астрога, яны будуць ляжаць, як забальзаміраваныя, у музеі. Шукаю чэрвеньскага нумара "Літаратуры і мастацтва". Чуў ад Я. Шутовіча, што там надрукаваны дасціпны артыкул – памфлет Міхася Лынькова "Пра некаторых Угрум-Бурчэевых, ці Прыгоды аднаго Лінгвіста".
Легенда нашага часу: быццам Марконі пакончыў жыццё самагубствам, каб толькі не аддаць Мусаліні адкрытыя ім праменні смерці.
Зноў атрымаў даўжэзны ліст ад X. Эпісталаманія яго стала хранічнай хваробай. Калісьці раіў яму, каб ён пісаў толькі пра справы сур’ёзныя, а пра іншыя будзе час пагаварыць і на тым свеце.
Амаль паўдня правёў у Бернардынскім парку. Чакаючы Кастуся, я прымасціўся на лаўцы, каля нейкага тоўстага і круглага, як порхаўка, клерыка, які сядзеў, заглыбіўшыся ў свой брэвяж. I я пачаў быў разглядаць апошні нумар "Сігналаў", час ад часу паглядаючы на алею, дзе гуляла грамада дзяцей і праплывалі цені аблокаў. Яны былі цяжкія, шэрыя, падобныя да ваенных караблёў, што нядаўна бачыў на гданьскім рэйдзе.
Сёння доўга гаварылі з Кастусём аб нашай будучай працы. Прыйшлі чуткі з Францыі, што партыя зноў будзе адноўлена. Але колькі ўжо было падобных чутак! Начытаўшыся Гейнэ і Віткацага, узяўся за сатырычныя вершы. Сатыра часам памагае больш ясна бачыць сваю мелізну, апошнія станцыі аджыўшых свой век літаратурных напрамкаў.
Усё больш пераконваюся, што паэма мая распадаецца на часткі, якія мне не хочацца і нітаваць. Я нават не перажываю сваю няўдачу. Паасобныя лірычныя адступленні трэба будзе зрабіць вершамі. Анахранізмам вее ад паэтаў, у якіх толькі зарыфмованыя падзеі. Ламаю галаву: якой павінна быць новая эпіка? Ды і ў лірыцы сучаснай адбываюцца нейкія тэктанічныя зрухі. Я іх яшчэ не магу акрэсліць, хоць і адчуваю, улаўліваю ў творчасці некаторых сучасных паэтаў. Відаць, у літаратуры не апошнімі былі канфлікты і баталіі паміж класікамі і рамантыкамі, рамантыкамі і пазітывістамі… Ды, відаць, не канфліктаў, не спаборніцтва трэба баяцца, а адсутнасці іх.
Атрымаў падрадкоўнікі двух вершаў Д. Пампуціса. За апошнія гады крыху лепш пазнаёміўся з літоўскай паэзіяй. Самае цікавае тое, што ў нашых суседзяў пачала тут развівацца і проза (А. Жукаўскас, I. Радзюліс, П. Свірга, В. Русакайтэ), чаго нельга сказаць пра нас. Цікавы артыкул пра літоўскую літаратуру быў у "Сігналах" (15/ІII 1939 г.) Ёнаса Дагыса (Каросаса). Калі развіццё паэзіі – характэрная з’ява для ўсіх маладых літаратур, дык нешта вельмі доўга цягнецца наша маладосць. Ніяк не можам пасталець. А пара.
Ад украінскіх сяброў прынёс два тамы М. Чарэмшына і некалькі сшыткаў "Гісторыі ўкраінскай культуры", якая, здаецца, пачала выходзіць у 1936 г. Курылюк піша, што хутка выйдзе анталогія ўкраінскай паэзіі "50 з гэтай і той стараны Збруча".
Сёння наш гаспадар пан К. Шаф’янскі, прыйшоўшы са сваёй установы, расказваў, што іх інструктавалі, як захоўвацца ў часе паветранай атакі: трэба на агародах, на скверах капаць акопы, папяровымі стужкамі заклейваць вокны, падрыхтаваць вёдры з пяском і вадой, бусакі, драбіны для тушэння пажараў. Слабы гэты ратунак пры сучаснай тэхніцы знішчэння, калі вал артылерыйскага агню (бачыў у кіно) змятае ўсё. Роля салдата зведзена да ролі мішэні, якая мусіць сваімі грудзьмі спыніць кулю. Адлегласць ад жыцця да смерці скарацілася ў сотні раз.
Перад сном прачытаў – ужо каторы раз! – адну з самых трагічных калыханак – калыханку Ф. Багушэвіча.
Накідаў праграму-мінімум на заўтра: прачытаць зборнік Н. Кубінца "На новую грань", матэрыялы пра Грынявіцкага (на вялікі жаль, вельмі мала ўдалося знайсці) і, узброіўшыся слоўнікам, "Вечны дзень" Г. Гейма.
7/VІІ
На Пагулянцы грыміць ваенны аркестр. Здаецца, Платон гаварыў, што музыка дрэнна ўплывае на развіццё духу. Відаць, ён меў на ўвазе ваенную музыку, бо і ў старажытнай Грэцыі перад бітвай ігралі ў трубы…