На пару хвілін забег да мяне К. Папрасіў, каб я яму пазычыў свае зборнікі. Збіраецца нешта пісаць пра мяне для замежнай прэсы. Расказваў пра беларускую літаратуру ў Аргенціне, Францыі, Чэхаславакіі.
Я сказаў яму, што не веру ў будучыню літаратуры, якая не мае жывой сувязі са сваім народам і зямлёй.
Нарэшце злавіў нумар "Проста з моста", у якім надрукаваны нарыс М. Ваньковіча пра Заходнюю Беларусь. Толькі чаму ён у гэтым нарысе надрукаваў неразумны ўрывак з пісьма Н.? Калі б трохі іншая ў нас сітуацыя, напэўна, прыйшлося б уступіць у палеміку з аўтарамі і нарыса і пісьма. Перагортваю апошнія нумары нашых часопісаў і зноў пераконваюся, што ў нас няма сур’ёзных крытыкаў, да голасу якіх можна было б прыслухацца. Усе заняты адным – даказваннем, што ўсе ў нас паэты – выдатныя і геніяльныя. Хоць сёння вядзі іх на сусветную выстаўку. I бязбожна блытаюць дзве розныя рэчы: вартасць з папулярнасцю, забываючы пра тое, што апошняя складаецца з элементаў ужо ўцэненых, страціўшых сваю арыгінальнасць.
8/VІІ
Памалу адыходжу ад старой метафары. Шукаю новай. Час перабудовы – самы цяжкі. Пры адсутнасці сур’ёзнай крытыкі і больш патрабавальнага чытача я мог бы яшчэ шмат год пісаць так, як пішу, але я перастаў бы быць цікавым сам для сябе. I таму мы такія нецікавыя і нудныя, што мы гаворым і адкрываем шмат бясспрэчных ісцін.
Упершыню зайшоў да Р. У пакоі – не павярнуцца. На акне, на этажэрцы, на ложку, на крэслах – кнігі, газеты, нейкія статуэткі, забаўкі. Некаторыя запаўняюць свае жыццё рознымі рэчамі таму, што ў дзяцінстве не мелі ніякіх цацак. Найбольш мне ў яго спадабалася кераміка. Ёю застаўлены ўсе паліцы. Нават знайшоў тут некалькі пеўнікаў, паўміскаў, паліваных глякоў нашых мядзельскіх ганчароў. Каля дзвярэй стаяць вылепленыя з гліны два бюсты: Міцкевіч і Пілсудскі.
– Не б’юцца? – запытаў я ў гаспадара.
– Таму я іх і зрабіў без рук. Праўда, часамі, уначы, не даюць спаць – сварацца.
Дома ўзяўся за "Карычневую кнігу" – кнігу аб злачынствах гітлераўцаў, перад якімі бляднеюць усе жахі Апакаліпсіса.
Перад ад’ездам у Шлькаўшчыну набралася столькі розных спраў, што не знаю, ці паспею ўсе іх уладзіць. Трэба пабачыцца з Кастусём, з дзядзькам Рыгорам, з рэдактарам "Калоссяў", вярнуць пазычаныя кнігі.
Абедаў у невялічкай сталоўцы на Вялікай вуліцы, дзе абедала група студэнтаў-карпарантаў. У некаторых на кляпах паблісквалі эндэцкія значкі – "Мячыкі Харобрага". З-за цёмнай, як сутана, шырмы з’явіўся скрыпач. Ён доўга настройваў сваю скрыпку, пакуль з яе не паліліся цягучыя, як дождж, гукі. Каля буфета сядзеў велізарны сібірскі кот. Па тым, як яго ўсе гладзілі і песцілі, відаць было, што гэта быў любімчык рэстарана. Кот сядзеў, заплюшчыўшы вочы, і адзін слухаў скрыпача, бо ўсе шумелі, смяяліся – былі заняты сваімі справамі.
9/VII
Ля аўтобуса сустрэў Д., які расказаў мне цікавую гісторыю. У іх вёсцы знайшлі забітага правакатара. На пытанні паліцыі ўсе адказвалі, што яго пакарала маланка. Некалькі чалавек нават падпісаліся пад пратаколам, што яны бачылі хмару і чулі гром. I паліцыя, каб не ўзнімаць лішняга шуму, мусіла згадзіцца з гэтай версіяй.
Сёння вяртаўся дамоў старым знаёмым шляхам: Вілля – Смаргонь – Маладзечна – Вілейка – Куранец – Касцяневічы. Перад Куранцом – невялікі аб’езд. Чалавек дзесяць брукароў цяжкімі малаткамі білі камень. Праўду казаў мой дзед: "Грошы і камень б’юць". У Касцяневічах у знаёмага крамніка пакінуў свой чамадан з кнігамі і пайшоў да сястры ў Сэрвачы. Сэрвачы былі калісьці багатым маёнткам, якім уладарылі магнаты Казлы-Паклеўскія. Адзін з іх – удзельнік паўстання 1863 года – загінуў у бойцы з казакамі. Там, дзе была бітва, і цяпер стаіць велізарны драўляны крыж. На месцы маёнтка – хутары і столькі розных польных сцежак, што я ледзь дабраўся да хаты Лёткаў. Усе былі дома. Вячэралі. Сястра паставіла перада мной міску з малаком і талерку з бульбай. Даўно я ўжо не каштаваў гэткіх прысмакаў. Стары, як заўсёды, пачаў расказваць пра Амерыку, дзе ён больш за дваццаць год адпрацаваў грузчыкам. Польшча яму не падабалася. Ганіў гэтыя парадкі. Пры цару, казаў, хоць ён і пастухом быў, жылося цікавей.
10/VII