Ён нярвова паліў на кухні. У дзверы пазванілі.

– Хто там?

Адказу не было.

Вінусь прачыніў дзверы – анікога. Пайшоў у свой пакой.

– Насланнё нейкае. Нічога. Сёе-тое на дыскетах, нешта раздрукаванае. Толькі новае загінула. Як жа ўзгадаць усё, узнавіць…

Хлопец раптам адчуў на сабе нечы пільны позірк. Падняў вочы. Карціна вісела на ранейшым месцы, непашкоджаная. Усё гэтак жа задаволена мружыў вочы нахабны таўсты кот.

<p>наезд</p>

Бажэна збіралася з асаблівай урачыстасцю. Апранула сваю найлепшую чорную карункавую бялізну, новую чырвоную кофтачку ды караценькую чорную спаднічку, што так прыгожа падкрэслівала яе бездакорныя ногі.

– Куды ты гэтак распрыбралася? – запытала маці.

– Да Вінуся.

– Не губляй голаў, дачушка, ды не пазніся вельмі. Я табе патэлефаную.

– Мама, ну хопіць ужо. Пакуль, – пацалавала матулю.

У тае неяк незразумела сціснулася сэрца, набеглі на вочы слёзы:

– Якая ж ты ў мяне прыгожая! Беражы сябе, мая дзяўчынка.

– Мамачка, ну чаго ты, я люблю цябе, усё будзе добра, я ж не маленькая ў цябе, – абдымала яе Бажэна.

Сонца плавілася на захадзе, распырскваючы малінавыя кроплі на асфальт, у вокны дамоў, на пяшчотную, няспелую зеляніну дрэваў. Паветра нібы замерла – нейкая танюткая трапяткая сцішанасць адчувалася ў ім, як бывае толькі вясною. Як б’ецца сэрца, заміраючы перад чарговым ударам. П’янкія водары лістоты, кветак, бэзу разносіліся вакол.

– Няхай гэта адбудзецца такім прыгожым вечарам. Вясна, абуджаецца жыццё. Хай пачнецца маё. Я вырашыла. Не буду больш ні аб чым думаць! Бажэна заўважала на сабе позіркі, поўныя захаплення, і гэта надавала ёй упэўненасці.

Выходзячы з аўтобуса, злавіла вокам шыльдачку: «Няма выхаду».

– Прыгажуня, дапамажы запаліць, – аклікнула яе цыганка ў чорна-квяцістай спадніцы і блузцы, у чырвонай хусцінцы, з цыгарэтай у руцэ. – Не бойся, варажыць не буду.

Бажэна працягнула ёй запальнічку.

Разам з дымам тая выдыхнула:

– Найлепшы спосаб пазбегнуць спакусы – гэта паддацца ёй, прыгожая, – і, падміргнуўшы, засмяялася.

<p>эпізод 16</p>

У Вінуся ўжо ўсе былі ў зборы. Кіця з Наталяй нарэзвалі каўбасу ды садавіну. Анцік насіў напоўненыя талеркі ў пакой на стол, уяўляючы сябе афіцыянтам. Вінусь нерваваўся, сноўдаўся, больш перашкаджаючы. Даставаў пляшкі з лядоўні. Анатоль з Алесем вялі нязмушаную гутарку пад цыгарэту. Ля іх прымасцілася Света – Кіціна сяброўка – чарнявая, караценька стрыжаная, яна церабіла свае незлічоныя фенечкі на руках, час ад часу ўстаўляючы рэплікі не па-жаночы нізкім голасам.

Залямантаваў званок. Вінусь, узяўшы ахапак бэзу, пабег адчыняць. Бажэна ўвайшла ў вітальню.

– Гэта табе, – прамовіў Вінусь, кінуўшы бэз да яе ног.

– Дзякуй, – прашаптала яна.

– Матка Боска, Венера Мілоска! – усклікнуў Анцік. – Калі ласка, плашчык, – дапамагаў распрануцца.

Дзяўчаты з зайздрасцю глядзелі на Бажэну.

Яна прысела, каб сабраць кветкі, Вінусь паспяшаўся дапамагчы, нахіліўшыся да яе каленяў. Анцік і Анатоль прагна ўтаропіліся на яе аголеныя ногі. Анатоль тут жа атрымаў ад Наталі локцем у бок.

«Божа, як на выставе», – пранеслася ў Бажэны ў галаве. Яна зачырванелася ад такой неспадзявана пільнай увагі.

Прайшлі ў пакой, занялі месцы вакол стала. Каля Бажэны гопнуўся Анцік. Да Вінуся падсела Света.

– Ну, знаём, гаспадар, – скамандаваў Анцік.

Вінусь назваў прысутных і сказаў:

– А гэта мая Бажэна, – з захапленнем і зрабіўшы націск на слове «мая» ды запытальна гледзячы на яе, быццам шукаючы падтрымкі.

Дзяўчына згодна апусціла вейкі.

– За знаёмства да дна, – прытрымліваючы Бажэніну чарку пад донца, загадаў Анцік.

– Не чапай яе, яна шмат не п’е, – абараняў Вінусь.

Пасля выпітага агульная напружанасць знікла, і зноўку пацякла нязмушаная гутарка.

– Увага! – крыкнуў Анцік. – П’ем кактэйль «Жыве Беларусь!».

– Як гэта? – пачулася адусюль.

– Наліваем белае віно. Хлапцы могуць і гарэлку. Вупіваемо.

Усе выпілі.

– Цяпер наліваемо чырвонае – усе. Вупіваемо. Хуценька-хуценька. Так. Цяпер зноўку белае. Хлапцы зноў-такі могуць піць гарэлку. Вось так. Жыве Беларусь!

– Жыве! Жыве! – адгукнуліся ўсе.

– Ды ну цябе з тваёй прыдурру, – хмыкнула Кіця. – Хадзем, дзяўчаты, лепш на кухню, пагамонім па-жаночы. Хай яны тутака сядзяць, – пацягнула Бажэну за руку.

Аднак Света засталася з хлопцамі. Кіця ды Наталя запалілі. Бажэна прынесла з сумачкі «Парламент».

– Грэбуеш нашымі? – неяк непрыхільна запыталася Кіця.

– Ды не, што вы. Проста я слабейшыя куру, дый то зрэдку, пад настрой. У мяне ўвогуле залежнасці не ўзнікае.

– Шчаслівая… Лінзы каляровыя носіш?

– Не, з чаго ты ўзяла? А-а, зразумела. Ды не, прырода ўзнагародзіла.

– Думаю, занадта шчодра, каб з ім важдацца.

– З кім?

– Ды з Вінсэнтам, – працягвала Кіця, уціскаючы ў попельніцы недапалак.

– Разумею, вы не прымаеце мяне.

– Не, ты анічога не разумееш. Проста больш за тыдзень ён ні з кім не сустракаецца.

Бажэна ўсміхнулася:

– Ужо шмат тыдняў прайшло.

– Ты сапраўды не разумееш. Спадзяешся стаць шчаслівым выключэннем? Сцяг табе ў рукі… Ведаеш такі верш?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже