I хоць трэсніце ногі цалуйцеХоць Марыі Святой, хоць Хрысту.Мо яны пашкадуюць. Даруйце,Я ж – ніколі. Як воўку – пастух.

Кіця зноўку запаліла. Наталя адно моўчкі слухала.

З пакоя чуўся нізкі смех Светы. Неўпрыкмет пад сталом яна пагладжвала нагу захмялелага ўжо Вінуся. Яго хвалявала гэтая грубаватая спелая дзяўчына, з задзірлівым каштанавым позіркам, што быццам брала яго ўвесь час на «слабо». I ён прымаў гэты выклік. Схапіў яе руку пад сталом ды пачаў злёгку вадзіць пальцам па далоні, адчуваючы, як яна нярвова трымціць ад узбуджэння.

«Бажэна тут. Ты ведаеш, чаго яна чакае», – мільгнула думка.

– Даруй, Божа, я такі брудны побач з ёю. Толькі не я. Я не парушу. Хай зразумее гэта. Дзякуй ёй за тое, што ёсць такая. Хай лепей зараз мяне ненавідзіць… – прамовіў пра сябе. А ўвушшу прагучаў голас маці: «Ты створаны, каб атручваць жыццё, кепскае хлапчанё!»

– Што з табою? – запыталася Света.

– Ды нічога. Нічога, – паглядзеў на яе невідушчым позіркам. Наліў гарэлкі і раптугом выпіў.

Света пакруцілася на кухні, звысоку паглядзеўшы на Бажэну, ды пакіравала ў ванную.

– Вінусь! Пакажы, калі ласка, які тут можна рушнік браць! – крыкнула яна.

Вінусь няцвёрда пасунуўся за ёю, не падняўшы вачэй на Бажэну. Шчоўкнуў замок ды зацурчэла вада.

У Бажэны кальнула сэрца, забілася-запульсавала ў горле, вусны перакрывіла сутарга. Сотні, тысячы, мільёны вачэй здзекліва пазіралі на яе і лопаліся ад рогату. Яна выбегла ў вітальню. Не магла патрапіць у пантофлі. Схапіла плашч ды сумачку. Выцягнула бэзавую гронку з букета, зламала яе і кінула пад дзверы ваннай. Слёзы проста душылі яе, але не маглі вырвацца на волю. Падварочваючы на абцасах ногі, выскачыла з кватэры, ляпнуўшы дзвярыма.

– Дурніца! Дурніца! – крычала цемра.

– Куды бегчы? Пракляцце, цыгарэты пакінула.

Боль апякаў знутры, ён быў нясцерпны, проста фізічны, ён не пускаў дыхаць.

Бажэна бегла па вуліцы, цягнучы па асфальце плашч. Шалёна стукала ў скронях. Адгукаліся абцасы: «Дур-ні-ца-дур-ні-ца-ца-ца-дур…»

З візгатам спынілася дзіўная машына. За спінай пачула:

– Куды такая прыгажуня гэтак спяшаецца? Ці не да мяне?

Дзяўчына нечакана для самой сябе неяк раптоўна вяла спынілася. Ногі зрабіліся ватнымі і нібы прыраслі да асфальту. «Навошта бегчы? Куды?» – падумалася.

Мужчына падышоў і падняў плашч:

– Асцярожней, запэцкаецца.

– У вас цыгарэты не знойдзецца? – ненатуральным голасам запытала Бажэна.

– Знойдзецца. А можа, што-небудзь мацней?

– Можна і мацней, – абыякава пагадзілася.

Мужчына адчыніў дзверцы раскошнага «Ламбаргіні Д’ябла». Дзяўчына пакорліва села ў аўто…

– Гэта са мной, – кінуў мужчына на ўваходзе ў дарагі клуб.

Яны прайшлі за столік. Гучала музыка, вакол шоста абвівалася прыгожая аголеная дзяўчына. Чулася замежная гаворка.

– Што будзеш піць?

– Каньяк! – выпаліла Бажэна.

Паклікаў афіцыянта:

– «Напалеон», калі ласка.

– Што спадарыня есці будзе? – пачціва запытаўся афіцыянт.

– Нічога, – буркнула дзяўчына.

– Калі ласка, масліны, лімон, да яго цукар ды каву змеленую, ды салату з садавіны.

Толькі зараз Бажэна разгледзела свайго спадарожніка. Ён быў вельмі на некага падобны. Але ж на каго? Не магла згадаць. Цёмны дарагі касцюм, гальштук. Белыя пяшчотныя рукі з даўгімі пачуццёвымі пальцамі, на мезеным пабліскваў прыгожы дарагі пярсцёнак. Чорная з сівізной ахайная барада. Насмешліва-паблажлівы позірк цёмных вачэй. Прапанаваў цыгарэту, дастаўшы чырвоную адмысловую запальнічку.

– Ты надзвычай прыгожая дзяўчынка. Я маю хобі – фатаграфаваць люблю па натхненні. Я здыму цябе так, як ніхто дагэтуль не здымаў.

Каньяк скаваў ногі, пакідаючы голаў надзіва ясным і пустым.

– Я абавязкова зваджу цябе ў японскі рэстаран. Там падаюць дзіўныя стравы. Адкрываеш прыгожую ракушку – а адтуль на цябе глядзяць вочкі на сцяблінках…

Бажэна ненатуральна весела смяялася ў адказ на рэплікі незнаёмца. Ёй пачынала ўжо падабацца гэтае адчуванне дарослай разгульнасці ды лёгкай небяспекі, і яна паддалася яму: будзе як будзе, няма чаго губляць. Яна ўсміхалася, шмат балбатала і неўсвядомлена распальвала гэтага незнаёмага мужчыну, як можа толькі цнатлівае дзіця, цалкам бессвядома ўпэўненае, што ягоная цнота – наймацнейшая абарона ад усяго і ўсіх, а таму абсалютна пазбаўленае страху.

– А хочаш пакаштаваць яшчэ мацнейшае за каньяк?

– Не ведаю.

– Такая смелая дзяўчынка і так няпэўна адказвае, – пасміхнуўся спадарожнік. – Я рознай дрэні не трымаю. Натурпрадукт, чысцюткі, бы першы снег. Няўжо ніколі не хацелася? Тым больш, як ты кажаш, у цябе ўнікальны арганізм – ні да чаго не прызвычайваецца. Баішся?

– Не баюся! – вочы ў вочы незнаёмцу ўперлася позіркам Бажэна.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже