– Мяне засудзяць? Я не забіваў! Я кахаў яе. Па-дурному, а ці можна кахаць па-разумнаму? Я павінен баяцца? А што мне губляць? Я не мог такога прадбачыць! Як ён дакажа? Не прыняць дзяўчыну – гэта злачынства? У турму?.. Як ты магла, чуеш? Як ты магла так са мной абысціся? Ненавіджу! Дурніца малалетняя! Татаччына і мамаччына дачушка разбэшчаная! Болей трэба было ў сраку дзьмуць!!! О Божа! Што я кажу?! Яе няма, ня-ма… больш, – ударыў кулаком у дзвярное шкло. Яно пасыпалася дробнымі аскепкамі. З’ехаўшы па спусцелай раме, востры кавалак моцна ўторкнуўся ў руку.

– Пракляцце!!!

З раны хвастала, пульсуючы, кроў, рука безжыццёва абвісла.

– Толькі гэтага мне не хапала! Як жа я буду працаваць?! Што рабіць? – Схапіў на кухні рушнік, пераціснуў ім цягліцу, кроў не сунімалася. – У «хуткую»!

Пакуль чакаў прыезду дактароў, паспеў сяк-так адной рукой нацягнуць джынсы.

У бальніцы рану зашылі, руку загіпсавалі. Калі дакторка выпісвала рэцэпт на лекі, убегла маладзенькая медсястра. Вінусь здрыгануўся. «Вочы. Яе вочы. Блакітнае ды зялёнае!»

– Алачка Васілеўна, паглядзіце на мяне, калі ласка! – зашчабятала яна.

Дакторка кінула позірк паверх акуляраў.

– Не заўважаеце нічога?

Бровы жанчыны здзіўлена прыўзняліся:

– Што гэта ты вырабіла?

– Прыгожа? – засмяялася. – Падбіраю лінзы. Які колер мне больш пасуе?

– Гэтак і хадзі, – пасміхнулася дакторка.

<p>эпізод 18</p>

Вінусь ішоў па свежай вясновай вуліцы. Па-птушынаму заліваліся трамваі. Сонца ахарошвалася, бы ў люстэркі, заглядаючы ў вокны. Сарамліва трымцелі ад лагоднага ветрыку маладзенькія лісцікі. Людзі спяшаліся па сваіх справах, і твары ў іх былі нейкія прасветленыя. Гэтая ўсеагульная радасць чамусьці вельмі абвострана адгукалася ва ўсёй істоце Вінуся, нават раздразняла, падавалася легкадумна-пустой і марнай. Ля прыпынку стаяў каштан – счарнелы і каржакаваты, з ненатуральна застыглымі голькамі, з абмерзлай мёртвай заквеццю, у той час калі яго хітрэйшыя браты буялі на ўсю моц.

«Выпнуўся, дурань, раней часу, цяпло адчуў. Не квітнець табе, брат, болей. Марна чакаеш. Не падыдзе твой тралейбус», – падумалася Вінусю.

А вакол усё ажно захліпалася бяздумнай радасцю ад быцця. I ў кожнага быў свой занятак.

Хлопец злавіў сябе на тым, што пільна ўзіраецца ў кожную дзявочую постаць, з няўцямнай надзеяй шукаючы знаёмыя рысы. Увайшоўшы ў прызначаную ўстанову, зазірнуў у чацвёрты кабінет. Раптам зніякавеўшы, шчыльна і моцна зачыніў дзверы. «Зусім з глузду з’ехаў!» Яму падалося, што за сталом сядзела тулава пры чорным касцюме ды чырвоным гальштуку – як мае быць, а замест галавы… шыльда: «Не турбаваць!».

Праз колькі часу адчыніў дзверы зноўку. За сталом сядзеў даволі прыемны малады чалавек – у касцюме ды гальштуку.

– Калі ласка, што ў вас за справа? – добразычліва сказаў ён.

Аднак Вінусь ніяк не мог пазбавіцца прымроенага, так і праступаў надпіс.

– М-мне следчага Котава, к-калі ласка, як знайсці?

– Котава? – здзівіўся малады чалавек. – У нас такі не працуе.

Вінусь працягнуў яму паперку:

– Вось.

Той паглядзеў і здзівіўся яшчэ болей:

– Так, напісана ўсё правільна, аднак… Пачакайце хвілінку, – ён выйшаў.

Вінусь не адчуваў ужо нічога, акрамя дзікай стамлёнасці ды пякучага болю ў руцэ.

Вярнуўся з мужчынам прадстаўнічага выгляду, відаць, начальнікам.

– Вось, Ігнат Канстанціныч, маладому чалавеку патрэбны следчы. Нехта Котаў.

– Так-так. Сцвярджаеце, што ён заходзіў да вас і ўручыў гэтую паперу.

Вінусь пахітаў галавой.

– Што ж, у нас не працуе дый ніколі не працаваў следчы з такім прозвішчам. Пакіньце нам гэтую паперу і свае каардынаты. Мы гэта высветлім.

<p>эпізод 19</p>

– Проста здзек нейкі. У яго ж было пасведчанне, позва… Каму тое спатрэбілася? Нічога не разумею.

Вінусь стомлена брыў па гаманкой вуліцы. Прысаджваўся недзе адпачываць, піў піва. Усё адбывалася нібы ў паўсне. Ён не памятаў, колькі і дзе блукаў. Ачомаўся толькі пад вечар. На могілках. Здранцвеў ад позірку. Блакітна-зялёнага позірку яе вачэй. 3 вялікага ў жалобнай рамцы фотаздымка сярод жахліва-яркіх вянкоў на жоўта-свежым пяску. З-за чорнай ленты з белымі літарамі праглядаў надпіс на драўляным крыжы: «Яроцкая Бажэна ўладзіславаўна 1885…» Далей не было відаць. Вінусь не наважыўся скрануць вянок.

– Тут памылка?! – з нейкай шалёнай радасцю выгукнуў ён. – Гэта не яна. Не мая… Не Бажэна. Не, гэтак не бывае. Магіла свежая, партрэт… – тут жа засумоціўся. – Дзяўчынка мая. Навошта ты гэтак?! – малітоўна ўглядаючыся ў вочы партрэту, шаптаў хлопец. – Я аддаў бы ўсё на свеце, каб толькі вярнуць той дурны вечар! Вярніся! Вярніся! Я не магу так жыць! Як я буду далей? Як буду?! Ты чуеш мяне?! – захлынаючыся слязьмі, паімкнуўся ўзяць фотаздымак.

На падсохлым зверху пяску ляжала некім кінутая надламаная гронка бэзу, падвялая ўжо.

– Як хутка вянуць вясновыя кветкі! – прагучала над вухам.

Вінусь сумеўся. Рэзка ўсхапіўся і выпрастаўся.

– Хто вы ёй будзеце? – запытаўся прыгожы, высокі, сіваваты мужчына ў чорным пінжаку, гэткай жа майцы ды джынсах.

– Я? Не буду. Ужо не буду. Ніхто.

Незнаёмец паклаў да партрэта чырвоны гваздзік.

– Дык ці варта гэтак перажываць?

– Не вашая справа! Вы нічога не ведаеце!

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже