– Табе што за справа?

– Крыху ведаючы твае схільнасці, мог бы табе сёе-тое параіць.

– Я не маю патрэбы ў парадах, тым больш у такіх пытаннях.

– Ну, як хочаш. Проста тут нехта табою цікавіўся, хацеў табе нештачка замовіць.

– Я не пішу на заказ.

– Угу, – прамычэў кот, пыхкаючы люлькай. – «Служэнне муз не церпіць мітусні!» Думаю, любы раней ці пазней піша. Уся рэч у памеры ганарару. Ад славы і раскошы яшчэ ніхто не адмаўляўся, вядома ж, не будзем браць у разлік перыяд эксплуатацыі энтузіязму працоўных масаў. Ну хто ўтрымаецца, калі яму абяцаюць, што ён прачнецца знакамітым? Тым больш пад пэўныя гарантыі.

– У тым і справа, што ніхто не можа даць пэўных гарантыяў.

– Уга, усім гарантыі падавай! Бач ты які! Аднак тут я з табой не пагаджуся. Няволіць не буду. Права выбару. Бачу, не азартны ты чалавек.

<p>25-ты кадр</p>

…А ў кутку сядзіць старая: зморшчаны твар, рукі, галава трасецца, звісаюць нямытыя сівыя пасмы, у нейкіх брудна-белых лахманах, востры падбародак вытыркаецца далёка ўперад, ледзь не кранаючыся даўгога кашчавага носа. Яна адшчыквае даўгім жоўта-брудным пазногцем нейкія зёлкі і, кідаючы ў вар у чорным закурэлым чыгуне, шамкае бяззубым ротам: «Тады толькі працу скончыш, як тры пары жалезных чаравікаў стопчаш ды тры жалезныя хлябы згрызеш…»

– Віна! Віна! Віна! – пракрычаў груган, крануўшыся крылом Вінусевых валасоў.

<p>эпізод 20</p>

Хлопец прахапіўся.

– Заганная звычка спаць за камп’ютарам. Трэба прайсціся, бо адныя немарасці ў галаве.

Вінусь апусціў твар у прыгаршчы халоднай вады, доўга стаяў гэтак. Прахалода вяртала здольнасць думаць. Збіраўся ля люстэрка і нечага сам сабе бубнеў:

– Пайшоў шпак на шпацыроўку,знайшоў хустку кашміроўку,а шпачыха завязалады нічога не сказала…

У люстэркавым адбітку Вінусь згледзеў, што кот неяк хітра мружыцца, надгрызаючы рыбіне хрыбтовы плаўнік.

– Пакіне цябе твая Палагея. Што будзеш рабіць? – падміргнуў кату.

Той адно моўчкі глыбей заглынуў плаўнік.

Вінусь з насалодай удыхаў водары позняй вясны. У вечаровым паветры трымцела тая цененькая струнка, як бывае толькі гэтай парой. Здавалася, вось-вось – і яна лопне, выліўшы ўсе фарбы, пахі ды гукі проста ў лета. Ідучы праз крыху аціхлы ад дзённай мітусні сквер, Вінусь пабачыў гругана, што стаіўся ў лістоце дрэва, нібы пільнуючы здабычу. I толькі хлапец прайшоў наўзбоч, як ён узняўся з шалёным крыкам:

– Віна! Віна!

Хлопец ажно адскочыў.

– Калі гэта скончыцца? Ну ведаю я, ведаю, што вінны. Чаму проста не сказаць, колькі, калі і дзе. Колькі ён мяне пераследаваць будзе?!

Вінусь спусціўся да ракі, да прыгожых старых дагледжаных дамкоў, што стваралі рознакаляровую гармонію. Пацягнуўшы за металічнае колца драўлянай брамы, увайшоў у напаўцёмную залу. Спусціўся па драўляных рыпучых прыступках і… упёрся ў сцяну.

– Што за трасца, тут жа заўсёды быў бар. Калі яго паспелі зачыніць?

Падаўшыся было назад, выйсця гэтаксама не знайшоў. Давялося спускацца па бясконцай вузенечкай вінтавой драўлянай лесвіцы. У паўзмроку праглядала бліскучая запацеласць старых мураваных сценаў. А Вінусь усё ішоў ды ішоў. Дзіцячая цікаўнасць да старажытнасці, да невядомых скарбаў змянілася ніякаватасцю, нават страхам, што ён ужо аніколі адсюль не выберацца. Прыступкі скончыліся вузкай трубой-тунэлем у Вінусеў рост. 3 яго даносіўся нейкі пошум. Сцены, парослыя раскіслым імхом. Пад нагамі ў мораку плюскалася на дзіва не смярдзючая, сцюдзёная вада. Хлопец вырашыў ісці да канца, на святло, зачэрпваючы туфлямі ледзяную макрэчу. Гул нарастаў. Было незразумела, ці гэта ірвецца на волю рака праз грэблю, ці гэта грукат тысячаў конскіх капытоў, у мільёны разоў памножаны рэхам. Вінусю падалося, што ён нават чуе ржанне і бачыць на асклізлых сценах тунэля нейкія сцені. Непрыемна змакрэла спіна, хлопец ужо бег, не думаючы, што наперадзе, і не намацваючы дна. Нечакана хутка ён выбег на асветленую пляцоўку і апынуўся перад шкляной вітрынай маленькай, збудаванай з дрэва крамкі. «Лаўка сюжэтаў», – абвяшчалі адлітыя з металу, пачарнелыя, грувасткімі завіткамі літары. I драбнейшыя ўнізе: «Інтэр-медыя. Бацька ды сын UnLtd». За шклом цёмных лакаваных дзвярэй на шнурку вісела шыльдачка: «Захоцьце, калі ласка!». Вінусь, мокры ды расхрыстаны, наважыўся і расчыніў дзверы. Старым металам здаўлена дзвынкнуў званочак, дзверы з рыпам не адразу зачыніліся. Вінусь пабачыў высокую, даўгую, быццам барную, стойку з лакаванага чырвонага дрэва. На ёй месцілася газніца – усё асвятленне на гэтую краму. Сама лаўка выглядала даволі дзіўна: частку яе займаў каталог – маленечкія скрыначкі, як у бібліятэцы, яшчэ частку – камера захоўвання, ячэйкі, бы на вакзале, а ў куце быў запылены стэлаж з пукамі нейкіх зёлкаў, перавязанымі чырвонымі стужкамі, павукі тут смела плялі свае карункі – іх творчасць, відаць, заахвочвалася, склаўшы крылцы, размерана пагойдваўся кажан, а ў слоіку з малаком пускала ад задавальнення бурбалкі вялізная чорна-барвовая рапуха. Вінуся перасмыкнула.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже