А Бажэна раптам уся сцялася, адчуўшы нейкую ненатуральнасць інтанацыі сказаных словаў. «Можа, я дарэмна? Падалося? Паспяшалася?» – думкі быццам пошугі.

Вінусь адчуў яе апаляльную вільгаць і пругкую непадатлівасць. Шалёная насалода захліснула яго – з сілай абуджанага вулкана з яго вырвалася пякучая лава, запоўніўшы ўсю яе істоту.

Бажэна ляжала на спіне з шырока расплюшчанымі вачыма. Унутры ўсё гарэла болем.

– I гэта ўсё? Вось так? Проста? Я ўжо жанчына? Што змянілася?

Ён моўчкі праводзіў яе дадому. Пацалаваў на развітанне. Пачуўшы за спінай яго сціхаючыя крокі, Бажэна раптам падумала, што можа больш з ім не сустрэцца, абвострана адчула, як яму прыкра. Азірнулася і пабачыла: ён, унурыўшы голаў, нярвова запаліў.

– Не-не-не! Усё будзе добра! – запратэставала пра сябе.

Дагнала яго, ахапіла за шыю ды пацалавала. Ён моўчкі адказаў – па-бацькоўску чмокнуў у лоб і пайшоў.

<p>рэтраспекцыя</p>

Вінусь піў каву на кухні ды паліў цыгарэту за цыгарэтай.

– I што далей? У адказе за тую, каго прыручыў? А чаму такая ўпэўненасць, што прыручыў? Можа, яна больш не схоча бачыцца са мною… Ёй няма васямнаццаці. А мо і добра, калі не захоча. Сама. Але ж якая яна прыгожая, свежая, – Вінусь згадаў тое, што адбылося, яе льняныя валасы, юнае пругкае цела, яе пах, і соладка сцялася ўсё ўнутры, прабеглася лёгка-шчымлівай сутаргай з-пад рэбраў да нізу жывата – ён зноўку адчуў жаданне валодаць ёю. – А мо ўсё не так і кепска? Будзе як будзе. Дзяўчынка пасталее, зразумее з цягам часу, што я не той, хто ёй патрэбен. А цяпер… Чаму б і не… А калі дзіця? Я яшчэ павінен напісаць раман. У кожнага павінен быць твор жыцця. Урэшце, я прывык да самоты!

Чамусьці згадаўся эпізод з дзяцінства. Вінусь намаляваў маці да Восьмага сакавіка карціну: на цёмна-сінім фоне зялёныя палачкі ў некалькі радоў – траўка, з-за бясформеннай чорнай плямы ледзьве вызірае жоўта-круглае – сонца з-за хмары, жоўтыя абрысы – трохкутнік з галавой, рукамі-ніткамі ды гэткімі ж нагамі – мама, два кругі з такімі самымі рукамі-нагамі – ён – ды чорная «каўбаса» з хвастом – кот. Так хацелася, каб маме спадабалася. I яна сапраўды пахваліла. Пакінула малюнак на кухні. Потым да яе прыйшоў дзядзька Сяргей і, пабачыўшы, запытаўся, хто гэта так намаляваў. Маці адказала, што сын. Па-дурному хіхікаючы, дадала: «Божа мілы, што за выродства!» – шыбанула карцінку на табурэцік. Малы Вінусь тое пачуў, вызірнуўшы з-за вугла, на што яна яўна не разлічвала, і даў рову. Потым, закапыліўшы губы, доўга сядзеў у кутку пад сталом і не выходзіў нават на абяцанні маці пачаставаць цукеркамі. Вельмі востра зараз ахапіла адчуванне таго, дзіцячага, гора, такога неабсяжнага – на ўвесь свет – і такога сапраўднага.

– Я напішу раман! Я павінен! I ніхто мне не перашкодзіць у гэтым! Я выкажу ўсе свае патаемныя думкі, аддам яму ўсе ідэі. А потым… Потым, можа, нават… ажанюся!

– Куды кладзеш? Ці табе выслепіла?!

Вінусь ажно падскочыў на табурэце ад неспадзеўкі, ледзьве не аглух ад рову ў мегафон. Вызірнуў у вакно на вуліцу – нікога.

– Не гэтак, балдэха дурнаватая!

Вінусь імгненна ўляцеў у свой пакой.

Кот у адзенні прараба – запэцканай пабелкай ды фарбай чорнай робе, у аранжавай будаўнічай касцы, уссунутай на голаў так, што з-пад яе вытыркаўся толькі чырвоны нос, – на ўсю моц камандаваў адзіным рабочым – рыбінай у сінім заквэцаным камбінезоне ды ў гэткай жа аранжавай касцы – у вялізны мегафон, на якім чырвонымі літарамі было напісана: «Рупар ідэяў аўтара». Пасярод пакоя на дыване стаялі начоўкі з растворам, вакол было наплюхана цэменту, нацярушана пяску, наплёскана вады. Рыбіна з кельмай плёхала паўсюль раствор – на канапу, на стол, на падлогу – і ўкладвала адзіную цагліну. Кот злаваўся, лаяўся ды кіраваў:

– Не гэтак! Не туды! Ты твор мастацтва будуеш, а не нейкую там хрушчобу! Ці табе залуніла?!

– Спыніцеся! Зараз жа!!! – закрычаў Вінусь. – У што вы маю кватэру ператварылі?!! Хто гэта ўсё прыбіраць будзе? Вы што, зусім з глузду з’ехалі?

Кот раптам скаціўся да яго ног з высокай горкі, на якой было напісана: «Глузд».

– I чаго ты так расхваляваўся, не разумею! Я хацеў падараваць табе каштоўную для цябе рэч – знешнюю прыладу да камп’ютара. Вось гэты рупар.

Кот спрытна падбег да камп’ютара, уключыў, гопнуўся ў сваім брудным адзенні ў крэсла, набраў нейкую бязглуздзіцу з літар: «Бывжае! ерьсуд».

– Цяпер накіроўваем прыладу на тэкст і агучваем сваю ідэю, можна і не ўслых, атрымоўваем: «Жыве Бедарусь!».

– У цябе памылка.

– Дзе? А-а, такой бяды! Ну, не таю літару набраў, падумаеш! Ты зацані цуд тэхнікі! Цяпер кожны, хто мае ідэі, хай сабе няўцямныя ды неакрэсленыя, можа іх увасобіць у творчасці! Які грандыёзны прарыў! 3 суцэльнай слоўнай руды можна ствараць тэксты! Бяры, карыстайся! Між іншым, і адрасок для сюжэта магу падказаць.

– Дзякуй, дапамог ужо, – прабурчэў Вінусь, уступіўшы ў раствор і здымаючы з нагі тапак.

Калі Вінусь вярнуўся з вядром ды анучай, у пакоі не было і напаміну пра нейкае там будаўніцтва.

– Заходзь-заходзь, Вінсэнты, – кот ужо ўладкаваўся ў вялізным фатэлі з дзедавай люлькай. – Прачуў я тут, што ты раман пісаць збіраешся.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже