– А рэквіем загучыць без музыкі?

– Без музыкі, магчыма, а без музыкі наўрад.

– Слабо стаць музыкам?

– Не думаў аб змене спецыяльнасці.

– Я не па адрасе?

– Ды не, працягвай.

– Пра мяне даўно не пісалі.

– А што ты за важная птушка, каб пра цябе пісаць?

– Гады маёй вечнасці вылятаюць у трубу. Чорную такую, даўгую, бы футарал для чарцяжоў.

Вінусь пачаў ліхаманкава меркаваць, хто мог яго бачыць з гэтымі дзіўнымі рэчамі, хто ўвогуле мог уведаць пра тое.

– Хто ты?

– Вольны дух.

– Мне не падабаецца гэтая гульня.

– А хто сказаў, што я гуляю? Я замаўляю твор. Ты мне вінны.

– Дзякуй, што не мяне.

– Не да месца жарты.

– Хто ты?

– Той, хто дае магчымасць выбару.

– Вось ужо не ведаў, што багі зараз у чаце з людзьмі гавораць.

– Той, хто дае сталенне душы праз пакуты.

– Я не хачу пакутаваць.

– Цябе прываблівае бяздумная радасць? Заўсёды аднолькавая?

– Не такая ўжо і аднолькавая.

– Маніш. Я доўга назіраў за табой. Усёй тваёй істоце проста неабходна над нечым пакутаваць. Інакш ты не жывеш.

– Ты што, садыст? Дык я не мазахіст, каб знаёміцца з табою.

– Пакінь гэтыя катэгорыі для дурняў. Ты абраны.

– Дзякуй за гонар, аднак дазвольце скарыстаць права выбару, гэтак ласкава прадастаўленае вамі.

– Карыстайся. Але ад сябе не ўцячэш.

– Ото ж дзякуй.

– Пісаць пра тое, што задумаў, і быць вольным ад гэтага – нельга.

– Ну проста па-ленінску. А ўвогуле, чаму я? Я цябе не ведаю, каб быць нечым вінным. Чаму не журналіст? Не тэлевізійнік? Не вэб-дызайнер урэшце?

– Litera scripta manet… (Напісанае застаецца.)

Камп’ютар раптам выключыўся. Знікла і святло па ўсёй кватэры. Давялося запальваць свечку.

Вінусю не даваў спакою гэты дыялог.

– Ніхто не ведае пра мае задумкі. Нават калі мяне хто і бачыў тады ў скверы, ён не мог звязаць гэта з маімі планамі. Хутчэй жарты былі б наконт чамадана… Дый Анцік бы ўрэшце выдаў сябе… Бажэна? Маленькая наіўная дзяўчынка… А ўсё-ткі я яму добра адказваў, – хлопец задаволена пасміхнуўся.

Вакол свечкі падлятваў вялізны чорны начны матыль. Відаць, завітаў праз фортку. Ён раптоўна ашалела кінуўся на полымя, быццам хочучы яго абняць сваімі крылцамі. Святло згасла, а на стол упала апечанае цельца, што тлела ў мораку.

– I нікому ад цябе цяпер ні светла, ні цёпла… Адно смуроду нарабіў.

<p>25-ты кадр</p>

…А ў кутку зноўку сядзіць тая ж старая. Сівыя рэдкія пасмы трасуцца, нешта шамкае бяззубым ротам. У зморшчанай дрыготкай руцэ вялізная іголка з чырвонай даўгой ніткай. Яна шые коўдру са шкуматоў: падбірае рызман да рызмана, кладзе няроўныя шыўкі пры міргатлівым святле лучыны. Вінусь напружана ўзіраецца ў стракатыя лапікі, і яму падаецца, што яны спрэс спісаныя нейкімі літарамі, быццам студэнцкія шпаргалкі. А старая ўсё шые ды шые. I хутка ўжо сама хаваецца за гэтай гарой рыззя, з якой чуецца ціхенькі вар’яцкі посмех…

<p>эпізод 24</p>

Абудзіў яго тэлефонны званок.

– Слухаю, – сонным голасам сказаў Вінусь.

– Дзень добры, спадар Вінсэнт? Гэта з выдавецтва. Маю даручэнне паведаміць вам, што мы ў вашых паслугах больш не маем патрэбы. Зайдзіце, калі ласка, аформіць дакументы.

– Ало! Што вы гаворыце? Як жа так? – нічога не разумеючы, ажно задыхнуўся ад неспадзеўкі хлопец.

– Не ведаю. Выдавецтва прыватнае, скарачэнне штату. Прыходзьце і разбірайцеся з начальствам.

Слухаўка зайшлася кароткімі гудкамі.

Вінусь, зняможаны, сеў на падлогу і абхапіў голаў рукамі.

– Можа, гэта памылка? Прыкрая недарэчнасць? А калі не? Вось так проста выгнаць на вуліцу? Нічога не патлумачыўшы? Галоўнае, работай маёй былі заўсёды задаволеныя. Без нараканняў. Куды я пайду? Што я ўмею? Праклятая спецыяльнасць. Журналістам? Напрацоўваць сабе імя, збіваючы ногі. О Божа! Цэлы дзень сядзець у якой канторы за капейкі? А як жа мая праца, уласная? Бывайце, мары? Я толькі ўсё распачаў.

Агарнула безвыходная нямая пустэча. Захацелася, як смаўжу, улезці па самую макаўку ў сваю ракавіну і шчыльна-шчыльна зачыніцца ад усяго свету, ад вады, святла, пахаў, ветру, прасторы, сцерці сваю памяць, бы камп’ютарны дыск. Згадалася, як у дзяцінстве ён хацеў зрабіць маме сюрпрыз: гуашшу стаў размалёўваць белыя, сумныя і нецікавыя, па ягоным дзіцячым меркаванні, шпалеры. Так захапіўся, што не пачуў, як падышла маці. Ад моцнага кухталя фарбы выпалі з рук. «Ах ты ж паганец! Гэтак сцяну спаскудзіць! Я табе пакажу маляванне! Паперы яму мала!» Спачатку ён нават не заплакаў, бо проста не зразумеў, што адбылося. Ужо потым, калі стаяў у куце, вялізныя слязіны каціліся міжволі, самі па сабе, іх было не суняць…

Пасунуўся ў свой пакой. Раптам пачуў песеньку на матыў Scooter How mach’s the fish. Кот катаўся па пакоі на самакаце, трымаючыся адной лапай. У яго на пузе вісела рыбіна, як гітара, на яе лускаватым баку нават можна было згледзець струны. Кот лупцаваў па іх другой лапай ды распяваў на ўсю пельку: «Пачым камбала-ла-ла-ла?! Пачым камбала-ла-ла-ла-ла!!!»

– Супыніся!!! Толькі цябе мне і не хапала зараз! Праз цябе ўсе мае няшчасці пачаліся! – вырвалася ў Вінуся.

– Цішэй, цішэй, – падкіраваў да яго кот. – Лягчэй за ўсё вінаваціць у сваіх няўдачах бяскрыўдную жывёліну. Ты б у яе лепей парады спытаў, – хітра прыплюшчыў вока Апостраф.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже