– Ненавіджу залежаць ад нечага суб’ектыўнага меркавання. Быццам яно бывае аб’ектыўным… Ці спадабаюся я нейкаму невядомаму дзядзьку. Хм, дзядзьку. Майго ўзросту. Ды хто ён такі, каб ацэньваць маю працу?

– А суддзі хто? – пацвердзіў кот.

– Урэшце, ён мяне не запрашаў…

Цішыню кватэры пранізаў істэрычны лямант званка.

Вінусь адчыніў. На парозе ледзь трымаўся на нагах падпіты Анцік з бутэлькай у руках.

– Здароў, – абдаў Вінуся перагарам і ўваліўся ў пакой. Бразнуў на стол бутэльку і адкінуўся ў фатэлі, закрыўшы твар рукамі.

– Што здарылася?

– Чаму ж ты столькі часу не цікавіўся гэтым? – ледзь чутна прамармытаў ён.

– Ды што з табой? – Вінусь падышоў і адняў яго рукі ад твару. – Што з табой?

– Кіця… Кіцяабортзрабіла, – адным словам з гарэлачна-цыгарэтным смуродам выдыхнуў ён Вінусю ў твар і апусціў голаў.

Вінусь моўчкі прынёс кілішкі ды попельніцу. Выпілі, закусіўшы цыгарэтным дымам.

– Я не ведаў… я… я абразіў… не дарую… ёй, – глынуў слёзы разам з гарэлкай і шклянымі вачыма ўтаропіўся ў нікуды. – Я… я заўсёды казаў, што не хачу дзяцей, што я яшчэ для сябе нічога не паспеў, што не змагу тады пісаць, што не гатовы некага выхоўваць, пра некага клапаціцца, што не змагу зарабіць столькі грошай, што… Тысячы «што»!!! Нішто… у параўнанні з гэтым. Гэта… гэта мяне… – прашаптаў няўцямна. – Раздзерлі на тысячы кавалачкаў ды спусцілі ва ўнітаз!!! – дзіка зарагатаў і не мог спыніцца.

Вінусь схапіў яго за плечы і пачаў трэсці, аднак Анцік не супакойваўся. Тады ён ударыў яго па шчоках, прыціснуў ягоны твар да свайго жывата і адчуў нешта мокрае ды гарачае – Анцік бязгучна плакаў. Вінусь, разгубіўшыся, пачаў нязграбна гладзіць яго па валасах, быццам малога. Анцік адхінуўся, кульнуў чарку.

– Даруй, – буркнуў засаромлена, даланёй уціраючы нос. – Яна сказала, што я ні да чаго не прыстасаваны, што са мной і княгіня загіне, што толькі імя ў мяне каштоўнае – Анцік. А я – старое, безжыццёвае рухмаццё. Што маю спрыт толькі рабіць дзяцей, самому ж не патрэбных. А я сказаў, што, можа, хто быў спрытнейшым за мяне. Яна дала мне поўху, аблаяла й прамовіла: «Я радая, што яшчэ магу – мець дзяцей… Але ж не буду памнажаць няшчасці. Навошта на зямлі яшчэ адзін пакутнік?» – і сышла. А я… я не пайшоў за ёй. Спалохаўся. Збаяўся! Чаго? Яна патэлефанавала, сказала, што я магу не турбавацца – тэрмін быў невялікі, я магу больш не хвалявацца… А я бачу адно гарадскія абгальмаваныя дарэшты дрэвы без галінаў, голы, без парасткаў камель. Я прычынны, разумееш? Прычынны да забойства. Мой дурны язык! Яна так і не ўведала мяне! А я ўжо й сам не ведаю, дзе я й хто я?

Раптам зашаптаў горача, па-змоўніцку, шалёна бліскаючы вачыма, бы вар’ят:

– Я баюся пісаць цяпер. Усё чыста збываецца. Мо яна б не зрабіла так, каб не… каб не верш.

Я прарасту ў тваёй вільготнай пустаце…Я выбухну жыццём на тысячы кавалкаў…Абвесцяць свету трубы…Аб новай зорцы…Не народжанай… не ўскалыханай

Ты разумееш??? Толькі яна… разумела… Як я сам не разумеў…

А праз мяне ўзрасце трава,Я ёй аддам часцінку нерваў,Каб ёй балела прарастаць,Праходзіць праз мянеІголкамі зялёнымі…

Не дарую, не дарую ёй.

…Я буду твае ногі казытацьДаўгімі языкамі шаўкавістымі,Хаваць сляды твае ў расеАд зайздрасці звярынай.А ты, пяшчотай захлынуўшыся раптоўнай,Пагладзіш мой зялёны вожыкНа чэрапе зямным…

У мяне нічога, нічога не засталося. Меў спрыт зрабіць… Не захаваў… – адным каўтком спаражніў кілішак. – Даруй, стары. Гружу праблемамі, – імгненна забыўся ў п’янай дрымоце.

«Лепш бы я аборт зрабіла!» – выразна прагучалі ўвушшу матчыны словы.

– А што, калі Бажэна… Не-не-не!!! Барані Бог. Не хачу спрычыніцца…

Анцік гэтак жа раптоўна прахапіўся.

– А-а, ты? Давай вуп’емо!

– Давай, – падтрымаў Вінусь.

Анцік паглядзеў на яго мутным вокам:

– А мо не толькі я вінны? Мо не маё яно? Ат, – махнуў рукой. – Свет не варты слязінкі дзіцяці, хай і не бачнай, і не пачутай нікім… Бывай, стары. Пайду.

– Застанься ў мяне сёння, куды ты пацягнешся?

– Куды-небудзь, дзе мяне няма. Каб не атручваць сабе ж існаванне… I не бачыць сопляў…

– Не, з такімі думкамі я цябе не пушчу нікуды, як сабе хочаш. Кладзіся тутака, на канапцы. Я пасцялю.

Анцік моўчкі вяла пагадзіўся. Уладкаваўшыся, адразу ж заснуў.

Зазвінеў тэлефон.

– Слухаю!

– Прывітанне! Чым займаешся? – запыталася Бажэна.

Вінусь нават узрадаваўся ёй.

– Ды нічым пакуль. Прыходзь да мяне. Я засумаваў!

– Няўжо?

– Сапраўды! Абрыдлі розныя справы ды злевы. Я чакаю.

– А пагуляць не хочаш?

– Не магу. У мяне Анцік спіць. Кепска яму.

– Дык, можа, я недарэчы буду?

– Ты не можаш быць недарэчы. Я чакаю.

Пазванілі ў дзверы.

– Хто гэта да цябе яшчэ прыйшоў? – здзівілася Бажэна.

– Не ведаю, пагляджу зараз.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже