Праз топік незнаёмкі выпіналі вялікія спелыя грудзі і спакушальна вымалёўваліся смочкі. Адпіўшы проста з пляшкі піва, яна размяла цыгарэту. Вінусь паспяшаўся падставіць агеньчык запальнічкі. Запаліўшы і выпускаючы дым праз пульхныя вусны, дзяўчына падзякавала.

– У вас позірк вельмі дзіўны.

– Чаму?

– Хто ж можа ведаць чаму? Пагляд сузіральніка. Чалавека, якому няма куды спяшацца.

– Вы псіхолаг?

– Не па прафесіі.

– Сапраўды няма.

– Не абцяжараны працай, сям’ёй, клопатамі… мне гэта падабаецца, – загадкава пасміхнулася незнаёмка.

– I мне, – выдыхнуў Вінусь, паглынаючы зусім не сузіральным паглядам яе грудзі праз топік. Дзяўчына падначвала яго ўсім сваім выглядам да нейкіх дзеянняў.

– Дык можа, пазнаёмімся?

– А хіба мы не знаёмыя?

– Не згадаю…

– Вы – паэт. Я – Прыгожая Панна. Піва робіць сваю справу, – зноўку пасміхнулася.

– Псіхалогія, а можа, нават яснабачанне – вашая ўлюбёная справа. I што будзе далей пры гэткім раскладзе?

– Вы запросіце мяне на каву і будзеце чытаць свае вершы, калісьці прысвечаныя мне, – усмешліва бліскаючы вачыма, прамовіла незнаёмка.

– Здаюся! Толькі адна справа ў мяне ўсё-ткі ёсць. Па дарозе… Ці згодныя вы на хвілінку зазірнуць са мной у адну ўстанову?

– Хіба што на хвілінку…

Вінусь упэўнена пайшоў да ліфта ў вялікім незнаёмым будынку. Быў канец працоўнага дня, і ўсе ўжо разыходзіліся. Дзяўчына засталася чакаць у холе. Знайшоўшы патрэбны кабінет, хлопец пастукаў.

– Калі ласка, – адказалі.

Вінусь увайшоў.

– Мне спадара Кацянкова… Віктара, калі ласка.

– Гэта я, – адказаў прыемны малады чалавек.

– Я… мне сказалі звярнуцца да вас. Вось, – працягнуў візітоўку. Малады чалавек неяк дзіўна паглядзеў на Вінуся:

– Вы што, вар’ят?

– Прабачце, – увесь панік хлопец і падаўся да дзвярэй. – Ну і дурань, – бубнеў сабе пад нос, – ну і дурань…

– Гэта сапраўды ваша? – запытаў, паказваючы на візітоўку.

– Т-так, м-мне далі… гэта…

– Ну і як ён?

– Хто?

– Той, хто даў вам гэта?

– Н-нармалёва.

– Добра-добра, не палохайцеся, сядайце. Я павінен паглядзець, чаго вы вартыя. Вось вам касета з фільмам, не надта вядомым шырокай аўдыторыі, тым болей у нас. Напішаце па ім раман. А я пагляджу ваш стыль, здольнасці. Ганарар абмяркуем па заканчэнні працы. Тэрмін пакуль не прызначаю, аднак не люблю, калі зацягваюць. Ну, поспехаў. Вось, патэлефануеце, калі зробіце, – даў сваю картку. – Прывітанне яму.

– Дзякуй, усяго добрага.

– Вінусь выйшаў з кабінета, бы ў сне, не верачы ў тое, што адбылося. Але пры незнаёмцы яму хацелася выглядаць упэўнена, таму перад люстрам у ліфце ён начапіў бесклапотна-задзірлівую ўсмешачку.

Яна чакала, не сышла.

«Значыць, я яе сапраўды зацікавіў, – падумаў. – I за што цябе толькі дзеўкі любяць?» – пасміхнуўся сам сабе.

– Усё добра? – запыталася дзяўчына.

– Лепей не бывае. Хадзем піць каву.

– Хадзем.

<p>наезд</p>

Вінусь зварыў каву. Дастаў шампанскае, шакаладку.

– А мацней няма? – запыталася незнаёмка. – Не люблю шампанскае.

– Ёсць, але я думаў, лепей…

– Хацеў як лепей, а атрымалася як заўсёды, – засмяялася. – А ты не думай, проста рабі.

Выпілі па чарцы гарэлкі ды запалілі. У пупку дзяўчыны заманліва з кожным уздыхам пакалыхвалася завушніца.

Зазвінеў тэлефон. Вінусь узяў слухаўку:

– Ало!

– Прывітанне, я тут недалёка ад цябе… – весела шчабятала Бажэна.

– М-мяне не будзе. Важная справа. Наконт новай працы, потым патлумачу, вельмі спяшаюся. Пакуль.

– Дзяўчына? – запыталася незнаёмка, зацягваючыся цыгарэтай.

– Якая розніца? – па-спакушальніцку пасміхнуўся Вінусь.

– Сапраўды, якая? Тым больш маладзейшая за цябе…

– Ты не стамляешся мяне здзіўляць. Ты чараўніца? – запытаўся, падсаджваючыся да яе і напаўняючы чарку.

– Троху ё, – аблізала вусны. – Толькі не кажы мне, як ты стаміўся тлумачыць свет маленькай дзяўчынцы…

Вінусь асцярожна пакратаў завушніцу ў пупку і шэптам на вуха запытаўся:

– А ў цябе яшчэ дзе-небудзь ёсць пірсінг?

– Можа, і ёсць, – хітра прыплюшчыла вочы.

– Яшчэ па сто пяцьдзясят і…

– Пабачым, – пасміхнулася, яе грудзі, здавалася, разарвуць пругкі топік.

На імгненне прамільгнуў перад вачыма твар Бажэны і знік. Вінусь сам не памятаў, як пачаў казытаць языком завушніцу ў пупку…

…А зранку стукаў дождж па падваконні. «Хмурны дождж цвікі забівае ў рваную падэшву асфальта…» Пры-крап-рык-рап…

<p>эпізод 26</p>

Пісалася марудна. Вінусь ніяк не мог улавіць, у якім ключы падаваць падзеі фільма. Разумеў, што псіхалагічнай заглыбленасці з матэрыялу не выцісне, дый ці патрэбная яна тут. Атрымліваўся пераказ. Хлопец да адурэння зноў і зноў праглядаў касету, занатоўваў нейкія драбнюткія дэталі, нешта дадумваў, каб напоўніць жыццём голы сюжэт. Ён не паспяваў бегаць у кіёск за кавай ды цыгарэтамі. Ні з кім не кантактаваў, абменьваўся колькімі словамі па тэлефоне. Ён мужна трываў гэтую працу, бы надакучлівы, нудотны зубны боль. I ўрэшце яна была скончаная. Кот у генеральскай форме, засядлаўшы рыбіну, падбадзёрваў Вінуся: «Цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі!»

Кленучы сябе, што ўблытаўся ў гэтую сумніўную авантуру, хлопец наважыўся ды патэлефанаваў свайму працадаўцу. Дамовіўшыся аб сустрэчы, аднёс рукапіс. Засталося чакаць адказу. Ці адмовы.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже