Пасля прынёс кавы.

– Я табе купіў твой любімы шакалад, бяры.

Бажэна, распранутая, акрытая толькі ўласнымі валасамі, задаволена прысёрбвала каву.

– Нешта ў цябе жывоцік з’явіўся, – адцягнуў ёй скуру на жываце, – на дыету трэба. Гэта ўсё ад яго, відаць. Не разумею, што ты знайшла ў гэтай невыносна салодкай дрэні! Дарэчы, мігдалём атрута пахне – сінільная кісля.

Бажэна адставіла кубак і пабегла да люстра, пачала круціцца перад ім, то ўцягваючы, то выпінаючы жывот, гладзячы па ім рукой.

– Глупства ты гаворыш, нічога не падрос, – закапыліла губку, як дзіця. – А калі б падрос, ты б раскахаў мяне?

– Вядома ж, – пасміхнуўся Вінусь, – навошта мне пузатая дзяўчына?

– А я б цябе любога кахала б заўсёды. Бо ты кожную хвіліну прыгожы. А калі б… калі б я… ну, не так сабе пузатая была? А калі б…

– Калі б ды калі б, у роце б вырас грыб, – перабіў яе Вінусь. – Разумееш, – уссадзіў яе сабе на калені, гладзячы па валасах, працягваў, – табе трэба вучыцца, скончыць універсітэт, спраўдзіць свае мары…

– Але ж я жанчына і я…

– Якая ты жанчына! Дурніца малая яшчэ!

– Хай сабе дурніца, але я б хацела, каб у нас з табою…

– Як банальна, – зморшчыўся Вінусь. – I што далей? Як у казцы: і сталі яны жыць-пажываць ды дабра нажываць…

– Дык што тут кепскага?

– Ды, уласна кажучы, анічога, як, урэшце, і добрага. Кніжка на гэтых словах загортваецца перад носам чытача. Скончаныя выпрабаванні, адышлі цяжкасці, скарыліся злыдні – штыль. Сапраўднаму рыцару няма чаго рабіць. За бабіну спадніцу хавацца? А як жа подзвіг? Ён жа заўсёдна чакае за парогам хаты!

– А ў хаце няма яму месца?

– Цесна яму каля хатняга агменю, нязвычны ён у цяпле ды сытасці!

– А каханне? А вернасць? Гэта не подзвіг?

– Маштаб адзін да мільёна.

– Дык я для цябе нічога не значу?

– Ну вось, зноўку на асобы пераходзіш!

– Ну а як?

– Абы-як!!! Ведаеш анекдот?

– Які?

– Сядзяць хлапец з дзяўчынаю, і яна яму кажа: «Як бы слаўна было, дарагі, калі б па нашай кватэры бегалі маленькія ножкі!» А ён адказвае, скрывіўшыся: «Не люблю тараканаў!»

– Табе б толькі брыдоты казаць, – пакрыўдзілася Бажэна і пабегла ў ванную апранацца, – а я сур’ёзна, – прамовіла здалёк ледзь чутна.

– «I мігдаловы горкі пах…»

<p>эпізод 30</p>

«Сам-насам з паперай… А што я ёй скажу? Вартага? Сур’ёзнага? Ці паверыць яна мне апасля розных бірулек? А мо яна гэткая ж абыякавая, як і зямля?..

Адчуваю сябе дзіравым мехам. Ляжу сабе на калёсах. Каняка сунецца няспешна, фыркае, мошак ды мух хвастом адганяе, скурай падрыгвае. Да поля кіруе гаспадар. А я ляжу сабе. I цішком, па-здрадніцку спускаю зернейка за зернейкам праз калматую, ашчэраную разлезлымі ніткамі прарэху проста на ўтрамбаваную дарогу. Залатымі, поўнымі жыцця кропелькамі цягнецца мой шлях па ўкатанай, бліскучай дарозе. Спяваюць на ўсю моц ап’янелыя ад доўгачаканага цяпла птушкі. Згледзелі мае сцяжкі на сцежцы, кінуліся падбіраць, у дзюбках панеслі да сонца. I мне радасна. I я спяваю разарваным ротам – кідаю зярняты-гукі ім насустрач, памнажаючы радасць з кожным. Птушкі гамоняць, завіхаюцца ля калёсаў. Гэта заўважае гаспадар. Аглядаецца. «Ат такую тваю!!! Пр-р-р-р-р!!!» Цягне на сябе лейцы. Конь спыняецца. Мая песня не сціхае. Хмарай узвіваюцца ўгару птушкі. Гаспадар пераварочвае мяне. «Ах такую тваю!!! Раззявіўся, падла!!!» Зграбае шурпатай жменяй маю саматканую скуру і заціскае да болю вяроўкай мой распяяны ўжо рот… Гукі, падкаціўшы пад самую глотку, стоўпіўшыся, аціхаюць… На полі дасі сабе волю. Гукнеш па ўсіх барознах, каб лес адгукнуўся ды страсянулася наваколле! Каб зямля ад нецярплівасці затрымцела, глытаючы семя… Радуюцца птушкі. 3 дзюбкі ў дзюбку перадаецца жыццё…»

Вінусь сядзеў за камп’ютарам, закрыўшы рукамі твар.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже