– Я дабіўся ўсяго: машына, мабільнік, адзенне фірмовае. Хочаш у рэстаран – калі ласка, шмотку – на, шакалад твой грэбаны – хоць задушыся! Купацца на возера – паехалі. 3 сябрамі тваімі ідыётамі на шашлыкі – калі ласка!!! Што ты ад мяне яшчэ хочаш?

Бажэна ўздрыгвала ад кожнага ягонага слова і спалохана глядзела са свайго кутка.

– Кампакты з тваім «Крымсанам» дурнаватым! Твая бялізна ў ваннай!.. Я чужы для іх! Яны з’ядаюць цябе вачыма, кожны шукае нагоду, каб загаварыць з табою, дакрануцца да цябе. А я, як апошні лох, вымушаны цярпець гэта?!!

– А як мае сяброўкі вешаюцца на цябе?!! – раптам паднялася Бажэна ўзлаваўшыся. – Ты таксама не супраць ім вочкі пастроіць!

– Яшчэ скажы збудаваць! Будучы дыпламат пры неіснуючым найяснейшым двары!

– А ты… Ты… Звяздар пры двары! Са сваёй літаратурай! Ніхто не чытае, ніхто не верыць у бязглуздыя прароцтвы, аднак трываюць цябе там, бо ж патрэбна дзеля прэстыжу дзяржавы! Назіраецца працэс, так сказаць! I ў нас гэткая з’ява ёсць. Паглядзіце! Запылены музейны экспанат! А гэтае тваё чыталава!..

– Ах чыталава?! А за што б мы жылі, каб не чыталава?! Я дзеля цябе душою ахвяраваў, на гэтае чыталава-пісалава пагадзіўся! – шпурнуў у кут пляшку, сціснуў кулакі. – Я сваё не магу напісаць! Я захлынаюся гэтымі словамі, фразамі! Я… Ты спытала, ці лёгка мне?! Я…

– Я не хацела… Я не ведала… Прабач… – раптам аціхла Бажэна. – Мне не трэба была такая ахвяра…

– А мне твая не трэба! Сядзіш пры мне бы пры хворым! Ні да сябровак не пойдзеш! Нікуды! Я не магу так больш! Чуеш?.. – прашаптаў знясілена апошняе слова і сеў на канапу, нярвова запаліў. – Пра звездара дзе вычытала?

– Нідзе, – засаромелася.

– Няўжо сама?

– Мг, – кіўнула.

– Нічога сабе… Нават злавацца расхацелася… А што ты мне падорыш? – па-дзіцячы цікаўна заўсміхаўся.

– Сюрпрыз! Не скажу!

<p>эпізод 31</p>

Вінусь прачнуўся позна ад валтузні ў вітальні. Было чуваць, як нейкія мужчыны перасоўвалі нешта цяжкое, як плюскатала нібы вада. Голас Бажэны падзякаваў некаму, грукнулі дзверы. Бажэна ўвайшла ў пакой і заспявала: Нарру berthday…

«Як банальна», – прамармытаў сабе пад нос Вінусь.

Дзяўчына падбегла да яго, абняла, пацалавала соннага, няўмытага:

– З днём нараджэння, любы! Куды мы паставім?

– Што? – роспачна ўздыхнуў Вінусь пазяхаючы.

– Паглядзі, – выбегла ў вітальню Бажэна, запрашаючы яго.

Пасярод пакоя стаяў акварыум, вялізны, умайстраваны на чорнай прыгожай тумбе з калёсікамі.

Вінусь прысеў на кукішкі ля яго.

Прыгожая вялікая залатая рыбка, спалохана ўзмахнуўшы хвастом, адплыла да задняй сценкі акварыума. Хуценькай бліскучай чародкай пранесліся гупі. Нейкая чорная рыбіна з плаўнікамі-косамі паважна пакіравала ў супрацьлеглы ад хлопца кут. Узняўшы аблачынку глею і каменьчыкаў, зашыўся на дно рабенькі сомік. Смаўжы абыякава поўзалі па шкле, злізваючы цененькі зялёны налёт. I адно нязрушна ды нават неяк нахабна, нібы склаўшы лапкі на пузку, сядзела сярод водарасцяў жаба.

– Гэта табе! Падабаецца? – радасна запыталася Бажэна.

– Цікава… Медытаваць можна… Дзякуй, – абняў яе Вінусь і нязграбна пацалаваў, бы малы сарамлівы хлопчык. – Мне ніхто ніколі не рабіў такіх… дзіўных падарункаў… I ў кожнай з іх сваё жыццё, свой клопат… Паглядзі, якая жаба-нахаба лупавокая, – засмяяўся хлопец.

Яны асцярожна закацілі акварыум у пакой, паставілі каля канапы, каб лежачы можна было назіраць за жыццём падводнага царства.

– Такая вытанчаная, гэтая чорная ганарліўка, а залатая – палахліўка нейкая… Дзякуй, – па-дзіцячы захапляўся Вінусь.

– I прадукты прывезлі ўжо. Усё гатовае. Я толькі ў мікрахвалёўцы разагрэю ды салаты раскладу, каўбаскі… Садавіны парэжам. Я толькі лімоны забылася. Зараз збегаю… Здаецца, усё. Ну, збірайся тутака… Я хуценька! – Выбегла з кватэры.

– Ды не клапаціся ўжо гэтак, – з любоўю пасміхнуўся Вінусь. – Дзіўная, дзіўная дзяўчынка… А мо і добра, што ты ў мяне ёсць… У-у-у, земнаводныя, – паляпаў пальцам па шкле акварыума, – глядзіце ў мяне!

– Здарова, Вінсэнты! – з’явіўся Апостраф у адзенні звездара. Рыбіна вызірквала з шырокага сіне-зорнага рукава. – Мы з Палагеяй віншуем цябе. Жадаем перш за ўсё здароўя і… – дастаў з кішэні зашмальцаваную паперку, пацёршы нос, паправіў пенснэ, – слухацца дарослых… – прыгледзеўся да напісанага, – не, гэта не тое, так, быць добрым хлопчыкам, – мармытаў пад нос, – зноўку не тае… – працягваў то гучна прамаўляючы словы, то ціха каментары, – карацей, шчасця (гледзячы што разумець пад гэтым), любові (калі такая існуе), зноў-такі здароўя (да смерці ўсядно хопіць), грошай (іх ніколі дастаткова не бывае), добрую жонку (калі такія маюцца ў прыродзе, не, гэта ў цябе нібы ўжо як бы ёсць, – пачухаў патыліцу, – але ж цяжка спыняцца на дасягнутым), ну і поспехаў ва ўдачах!

Вінусь не паспеў апамятацца, як рыбіна цмокнула яго ў шчаку сваім халодным слізкім ротам. Ён міжволі выцерся.

– Трымай! – працягнуў кот невялікую шкляную пірамідку, на зацёртым зжаўцелым цэтліку, прылепленым да ейнай падставы, значылася: «6 руб. 66 кап.». – Гэта табе. Прызма аўтара, – задаволена прамовіў Апостраф.

– Дзякуй, – адказаў Вінусь.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже