– Карыстайся! Стварай! Усе літары ды падзеі выстраяцца па тваёй задуме. Карысная рэч, скажу я табе. Ды ты і сам, відаць, ведаеш.

Кот павярнуўся да акварыума. Паглядзеў на яго ў тэлескапічную трубу спачатку праз адзін канец, потым праз другі:

– Хо-о-о, і ты ўжо рыбаў займеў, ды столькі!!! Аднак эра Рыбаў нібыта скончылася згодна з астралагічнымі прагнозамі, – паслініўшы палец, пачаў гартаць старую таўшчэразную кнігу ў парэпанай вокладцы. – Але ж зноў-такі нішто не перашкаджае ім жыць у вадзе, што ліе Вадаліў, плыць у розныя бакі, тусавацца касякамі, пушчаць бурбалкі, лукаць ікру, засейваць дно экскрэментамі і гэ дэ… I на чый млын ліецца вада – усё адно… Віншую-віншую… Ну, вясёлай кампаніі, прыемнага смаку ды шчырае дзякуй, не зацыклівайся на падлогавых адносінах, лёгкага пяра ды сем футаў пад кілтам, а астатняе, як кажуць, прыкладзецца. Бывай!

Прыбегла Бажэна.

– Ну давай стол ставіць, хутка ж усе збяруцца! Што ты сабе думаеш?! Нават не мыўся яшчэ і не апранаўся?!

– Што ты такая неўтаймоўная сёння? – абняў яе ды пачаў цалаваць.

– Супыніся, – адштурхоўвала яго дзяўчына, – не цяпер, чуеш? Ты калючы… Вечарам…

– Навошта чакаць вечара? – не супакойваўся Вінусь. – Дзень нараджэння ў мяне ці не ўрэшце? – настойліва стаў знімаць з яе шорцікі, паваліў тварам уніз на канапу.

Бажэна супраціўлялася, спрабуючы вырвацца. Аднак гэта распальвала яшчэ больш, абуджаючы паляўнічы інстынкт. Ён груба ды паспешліва ўвайшоў у яе…

Бажэна, спустошаная, ляжала на спіне, закрыўшы вочы і напалову твар рукою. Вінусь паліў. Чорная рыбіна, здавалася, неадрыўна глядзела на яго, варушачы даўгімі плаўнікамі, што, быццам косы, развяваліся ад ветру. Яе рот нібы шаптаў нешта. Вінусь не мог разгледзець выразу яе вачэй. «Прык-рап-рык-рап…» – бы казала рыбіна.

– Дзіўная рыбіна, так пазірае…

– Вінусь… Мне чамусьці падумалася, а што, калі я саслепну? Я не пабачу больш, што столь белая, што на канапе шэры ўзорысты дыван, што валасы твае чорныя, што залатыя, чорныя, бліскучыя рыбкі хаўкаюць ротам, што жаба смяецца, што ты мной захапляешся… Я буду толькі памятаць гэта. Я не пабачу нават чырвонай цеплыні праз заплюшчаныя павекі. Адно прыкрую цемру. I яна не будзе мець колеру… Усё застанецца так, як было, адно ў маёй памяці… Аднолькавая карцінка…

– Дурніца, чаму гэта ты павінна саслепнуць? Ляжала, закрыўшы твар… Глупства нейкае.

– Сапраўды… А ты б раскахаў мяне?

– Пайшлі лепш стол ставіць.

– Значыць, раскахаў бы… Ка-аля грэ-эблі шу-умяць ве-ербы, што-о я-а паса-адзі-і-і-ла… – заспявала.

Бажэна раскладала каля талерак нажы, відэльцы, лыжачкі, ставіла кілішкі, келіхі, шклянкі…

– Навошта гэтулькі прыладаў? Усе сталовыя прыборы прыдуманы дзеля таго, каб меней з’есці. Гэта маё перакананне з дзяцінства.

Дзяўчына засмяялася.

У дзверы пазванілі. Вінусь пабег адчыняць. На парозе стаялі Анцік з Кіцяю.

– Прывітанне, прыгажуня! Здаррова, стары пень! А ты нічога сабе, распрыбраўся, па фірме. Ну, пень прыбяры, дык і пень прыгожы! Віншую-віншую! Доўга меркавалі, што тутака табе падарыць, бо ж запанеў зусім. Круты зрабіўся. Куды ўжо нам. Вось табе мая кніга. Хай ляжыць нямым дакорам табе. Зусім ужо выплыў з літаратурнай плыні. Толькі грошы зарабляеш. Трымай, стары! Каб мне свой уласны раман падараваў, ад душы. Зразумела, што яны ўсе твае ўласныя, аднак ты разумееш, пра што я…

– Ну хопіць, адыдзі ўжо, – жартаўліва адштурхнула яго Кіця. – Віншую, – абняла за шыю, пацалавала крыху даўжэй, чым дазваляла прыстойнасць. Бажэна ўжо раўніва зіркнула на яе. – Гэта табе.

Вінусь адчыніў каробку. Там шоргалася чарапаха.

– Дзякуй! Ну вы нібы змовіліся. Хочаце маю кватэру ў звярынец ператварыць! – засмяяўся Вінусь. – Хіба Бажэна даглядаць усіх будзе, бо я магу і забыцца.

Неўзабаве прыйшлі Анатоль з новай пасіяй – Арынай, ды Алесь, як звычайна, адзін.

– Гэта нічога, калі прыйдзе мая сяброўка? – запыталася ў Вінуся Арына. – Ёй трэба тэрмінова сустрэцца са мной, перадаць канспект, ну я ёй і сказала, што буду на дні нараджэння…

– Нічога, – пасміхнуўся Вінусь.

– Ну вы ўжо на цэлае вяселле расстараліся! – выклікнула Кіця, пабачыўшы стол.

– А мо такі й на вяселле?! Цудоўны падарунак да дня народзінаў! – зарагатаў Анцік.

– Ды ідзі ты, – кінуў Вінусь.

Дзяўчаты курылі на кухні. Хлапцы пусцілі на стол чарапаху. Тая спрабавала ўскараскацца на клавіятуру. Не паспелі падняць чаркі, як чарапаха ўжо звесілася са стала, рызыкуючы ўпасці.

– А яшчэ кажуць, што чарапахі павольныя стварэнні, – заўважыў Алесь.

– Уга, ад майго сябра чарапаха ўвогуле ўцякла! – мовіў Анатоль.

– Ага, расказвай, – засмяяліся ўсе.

– Не верыце. Пусціў у траву дзьмухаўцоў пад’есці, кажуць, любяць яны. А сам пайшоў да кіёска па цыгарэты. Вярнуўся – няма чарапахі. Усё абшукаў – знікла, як і не было.

– Пусціў, а яна як ламанулася! – зарагатаў Анцік.

– Так, Ахілес ніколі не дагоніць чарапаху, – па-філасофску заўважыў Алесь.

– Упадзе ці не, чарапашка-ніндзя, – ажывіўся Анцік. – Стаўлю два кілішкі, што грымнецца.

– А я лічу, што не такая яна ўжо і дурнаватая. Думаю, не ўпадзе, – разважыў Алесь.

У дзяўчат былі свае размовы.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже