– А ў мяне сын, ведаеш, занасіўся, – не сунімалася незнаёмка, – не хоча па-людску жыць. Піць пачаў, хто гэтую халеру толькі выпускае ды прадае на кожным кроку?! – выцерла вільготныя вочы ражком хусткі. – Жонку б’е, мяне надоечы за кофтку як схапіў, усе гузікі павылятвалі. А малятка поўзае, за ногі яго хапае. Татка, татка, плача, татачка! – Гучна высмаркалася ў брудную пакамечаную насоўку. – А татку мазгі завязала – анікога не панімае. Кажа, рэчы павыношу, а вас усіх чыста падпалю, бо вы мне жыццё атручваеця. Зблытаўся з шабулдай нейкай, тая з яго грошы на выпіўку цягне. А ён, бяспутны, – пасарамаціўся б старой маткі ды дзіцяці малога – жонцы кажа, сыду ад вас. Мне Любачка казала, буду ногі табе ў тазку мыць ды піць гэтую ваду, гэтак мяне кахае. Цьфу, лярвішча праклятая, гадаўка падкалодная! Казала ж ужо ёй: адступіся ды адкасніся, не разбівай сям’ю, дзіця пашкадуй, няўжо ж яму бязбацькавічам пры жывым-та бацьку… Усё жыццё скруціла, каб яе так скруціла ды выпруціла, каб ёй у тым тазку апошні раз ногі састыглыя мылі! Нічога, грэх на душу вазьму, але ўратую сям’ю! Хай ляпей мяне Бог судзіць, колькі мне тутака памаяцца засталося, – цяжка ўздыхнула.

З пакоя выйшаў мужчына. Бажэніна суразмоўца падхапілася ды пакіравала туды. Неўзабаве выйшла, рашучая ды ўпэўненая, развіталася з дзяўчынай.

У маленькім цемнаватым пакойчыку моцна патыхала воскам, свечкамі, потам. Мажная чорнавалосая ды чарнавокая спадарыня Марыя, у чорнай сукенцы, што абцягвала яе пышную постаць, запаліла прынесеную Бажэнай царкоўную свечку, паставіўшы яе ў соль пры старым, упрыгожаным, відаць, каштоўнымі камянямі, абразе Маці Божай, пільна паглядзела на дзяўчыну. Тая нясмела працягнула ёй Вінусеў фотаздымак. Спадарыня Марыя паглядзела на яго:

– Дзе ты такога Нарцыса сабе адкапала? Ці табе хлапцоў няма? Зразумела, трэба толькі ён, – закурыла. Пах быў не цыгарэтны, а быццам сухую траву па вясне паляць.

«Шмаль», – падумала Бажэна. Зрабілася непрыемна соладка ў роце, зашчыпала ў горле, крыху закружылася галава.

– Вось што я табе скажу, дзеўка, – пускаючы дым, гаварыла спадарыня Марыя. – Зроблена табе. Рабіў мужчына, хутчэй хлапец, што без адказу ў цябе закаханы, з дапамогай варажбіта. Каб ты хварэла ў сэрцы сваім ды адна засталася.

Затушыўшы цыгарку, спадарыня Марыя з нейкім шкляным позіркам загадала Бажэне сесці на табурэцік сярод пакоя. Вялікім нажом абвяла на падлозе кола і пакінула ляжаць лязом да дзяўчыны. Паклала ёй руку на патыліцу ды пачала нешта шаптаць. Дзяўчына адчула, як ад ног і вышэй, вышэй па кожнай клетачцы пабеглі бы мурашы да самай макаўкі. Яна ўявіла сябе адкаркаванай бутэлькай фанты, з горлачка якой бягуць бурбалкі. Бажэна засмяялася.

– Добра-добра, гэта з цябе сурокі выходзяць.

Потым сказала тры разы пераступіць цераз нож. На развітанне дала соль у паперцы, загадала падсыпаць у ежу…

– …да каго маеш інтарэс. I скажаш: каб жыццё тваё, раб (ягонае імя), без мяне было што ежа без солі. Тры разы. А не падпарадкуецца, дык мы ягоную сілу мужчынскую забярэм. Павісне на палову шостай, то зробіцца рахманым, як цялятка, – зарагатала неяк ненатуральна. – Каму ж ён тады спатрэбіцца? Толькі з табой зможа.

Імгненна пералічыла пяць дзесяцідаляравых хрусткіх паперчын ды, задаволеная, па звычцы схавала ў грудзі, шчоўкнуўшы станікам…

<p>эпізод 37</p>

– Мужняя? – строга ўтаропілася ў Бажэну поўная, з чорнымі вусікамі над верхняй губой, дакторка.

– Не, – прашаптала тая. – Афіцыйна не, – паправілася. – Мы ж-жывем разам. Даўно.

– Колькі дзён затрымка?

– Дзесяць.

– Кладзіся ў крэсла, пагляджу.

Ледзяныя паўколцы проста апяклі ногі пад каленкамі. Бажэна інстынктыўна закрылася рукою.

– З хлапцамі саромецца трэба, а не ў доктара, – прабурчала, нацягваючы пальчаткі. – Да такіх гадоў не ведаюць, што ёсць таблеткі ды прэзерватывы, вожкайся з імі потым. А яшчэ заразы рознай падхопяць, скалечацца, – бубнела без упынку.

«О Божа! Чаму я не пайшла ў платную? За што мне гэтыя прыніжэнні?!»

– Тэст рабіла?

– Станоўчы.

– Дык і ёсць станоўчы. Цяжарнасць, – аб’явіла дакторка.

Бажэна не ведала, ці ёй плакаць, ці радавацца. Слёзы стаялі ўваччу, здушылі горла.

– На вакуум спазнілася. Можна аборт. Пісаць накіраванне?

Бажэна не магла вымавіць ні слова.

– Жанчына, будзеце захоўваць цяжарнасць ці пісаць накіраванне?

Спазм скаваў вусны. Дзяўчына толькі паківала.

– Што ківаеш? Накіроўваць?

Бажэна, моцна закусіўшы губу, паківала.

– Раней трэба было плакаць. А то з хлапцамі смелыя…

– Н-не… абражайце мяне, – прашаптала Бажэна.

– Падумаеш, цаца, галавой думаць трэба, а не іншым месцам. А потым кожная другая бясплодная. А ў нас загад нараджальнасць падымаць. Падымі тут…

Бажэна выйшла з кабінета, трымаючы паперчыну ў руках.

Зайшоўшы ў кавярню, замовіла мінеральнай вады. Прысела, паімкнулася запаліць і тут жа прыбрала пачак у сумачку – дзіцяці пашкодзіць.

«Як сказаць бацькам? Што рабіць з вучобай? А ён? Што скажа ён?»

Дастала накіраванне, перачытала некалькі разоў, схавала.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже